традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна на тэр. Жабінкаўскага і Кобрынскага р-наў Брэсцкай вобл. Вызначаўся класічнай завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту касцюма жанчын.
Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з саматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам, аздаблялі вышыўкай, радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геам. або расл.) чырвона-малінавы арнамент з невял. ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі, што ў падоўжным ці папярочным напрамку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіц.-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкар. злучаных полак белай ільняной тканіны. Адметнасць К.с. ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга быў відаць з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняныя — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва; ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай каляровымі вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андаракі з чорнай або цёмна-сіняй тканіны. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканымі у рознакаляровыя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная павай (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай кукардай, шапкі (круглай чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкамі малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Кобрынскі строй. Жанчына ў касцюме з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна. Пач. 20 ст.